Малітва за Беларусь

Шаноўныя браты і сёстры, прыкладам малітвы за Беларусь для нас могуць быць малітва Кірылы Тураўскага за Вялікае Княства, малітвы Святога Паўла «за ўсіх чалавекаў», малітва Йонги Чо за Карэю, а таксама малітвы прарокаў Старога запавету за старажытны Божы народ.

Уладару Госпадзе Божа наш, прыхілі вуха Тваё, і пачуй нас, як мы молімся да Цябе. да Тваёй ўлады і сілы, молімся Табе аб усіх і за усё. Памяні, Госпадзі, усіх, хто працуе і хто ідзе дарогаю, памяні, Госпадзі, ўдоваў і сіротаў, і бедных, і бяздомных, і хворых. Памяні, Госпадзі, існых у вязніцах, і ў ланцугах, і ў бедах, і ў плачах, і ў хваробах цяжкіх апантаных. Вялікая Твая ласка ды прыйдзе да іх. Памяні, Госпадзі, тых, хто церпіць ў цеснаце, і ў бедах, і ў гаротах, і ў пакутах. Дай пацяшэння сэрцу іх ад Cвятога Твайго Жыватворчага Духа, каб яны спатоліліся і славілі Тваю Ласку.

Уладару Госпадзе, пачуй нас цяпер і прымі, Госпадзе, нашыя малітвы за краіну нашу і народ наш беларускі. Вызвалі кожную душу ад усякага роду рабства — і ад злосці, і ад зайздрасці, ад страху, ад распусты, ад п'янства і ўсіх залежнасцяў, ад усіх грахоўных путаў і ланцугоў. Пакажы кожнай душы святло ў цемры, адчыненыя вязніцы і лета гасподне спрыяльнае, выведзі змучаныя душы на свабоду, з цемры ў цудоўнае Тваё святло.

Хай будзе звязаная Сілай Гасподняй ўсякая сіла злая, якая хацела б трымаць народ наш у рабстве, і змучаныя душы хай выйдуць нарэшце на свабоду, з улады цемры ў Царства Святла.

Молімся Табе, Госпадзе, за ўсіх людзей, але найперш, па Слову Твайму, за начальствуючых у нашай краіне, каб весці нам жыццё ціхае і спакойнае ва ўсякай пабожнасці і чысціні.

Молімся за тых з іх, хто робіць зло і грэх, бо Ты ж, Госпадзе, не хочаш смерці грэшніка, але каб грэшнік раскаяўся і жыў. Молімся Табе і просім, каб і гэтыя няшчасныя душы раскаяліся і жылі, каб не загінулі, але дасягнулі спазнання Праўды Тваёй. Каб па прыкладу мытніка Закхея, неправедна нажытую маёмасць аддалі бедным, а каго ў чым пакрыўдзілі, адплацілі ўчацьвёра, каб убачылі усе, што прыйшло збаўленне дому іх.

Молімся, Госпадзе, каб была звязаная Сілай Тваёй усякая сіла злая, якая хацела б трымаць гэтыя душы ў рабстве, якая прымушае іх рабіць зло і грэх. Хай згіне ўсякая варожасць, нячыстасцьі зло, і ўбачаць гэтыя змучаныя душы новае жыццё, без злосці і зайздрасці, жыццё ў радасці і ў любові, і ў супакою. Хай убачаць яны Святло ў цемры, і выйдуць з цемры ў Цудоўнае Тваё Святло.

Молімся і за тых, хто не хочуць раскайвацца, але зацятыя ў сваіх злых дзеях. Просім Цябе, Госпадзе, абарані наш народ і нашу краіну ад іх, зруш іх з месцаў іх, і прызнач на гэтыя месцы новых людзей, якія будуць выконваць волю Тваю ад усяго сэрца, будуць рабіць дабро і ўхіляцца ад зла, і па Слову твайму будуць насіць меч для пакарання зла.

Блаславі, Госпадзе, кожнага начальствуючага ў краіне нашай, хто на сваім месцы робіць дабро і дапамогу. Дай жа ім, Госпадзе, здароўе целу, і душы выратаванне, дай ім, Госпадзе, ў сэрцы розум добры, адпушчэнне грахоў, і кіраванне ў вечнае жыццё.

Памяні, Госпадзе, усіх веруючых у Хрыста ў нашай краіне, якія моляцца да Цябе ў Імя Тваё. Выканай, Госпадзе, просьбы іх, накіруй да выратаваньня, і ўсіх нас спамяні у Царстве нябесным, і супольнікамі зрабі нас вечнай радасці.

Памяні, Госпадзе, кожнага святара і служыцеля, верніка і набліжанага, і кожнага, хто Імя Гасподне заклікае. Малітвамі іх ачысьці, Госпадзе, саграшэнні народу нашага.

Яшчэ малю Цябе, Божа Усесьвяты, абарані краіну нашу ад усякага зла: ад агню, і патопу, і марнай смерці, ад голаду і пошасці, ад міжусобнай варожасці, і ад нашэсця іншапляменцаў, і дзяржаву нашу супакоем аслані, і супраць ворагаў нашай краіны нас ўмацуй, людзей памнож, і ўсіх палонных дадому вярні.

Звярні нас, Ойча Наш, да Закону Твайго, і наблізь нас, Айцец Наш, да служэння Табе, і вярні нас з пакаяннем да Сябе. Дапамажы нам угледзець саграшэнні свае. Ад тайных нашых грахоў ачысці нас і ад наўмысных утрымай нас, каб не завалодалі намі. І назірай за намі, ці не ёсць небяспечным наш шлях, і накіруй нас на шлях вечны. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які жадае пакаяння.

Прабач нас, Ойча Наш, бо мы зграшылі. Адпусці нам, Айцец наш, бо мы правініліся. Прабач нам усякі грэх наш, якім зграшылі мы сёння, учора альбо трэцяга дня па слабасці нашай ці выпадкова, словам, думкай, учынкам ці занядбаннем. Прабач, дзе мы не любілі Госпада ўсім сэрцам, не любілі бліжніх як саміх сябе, не паважалі старэйшых, крыўдзілі слабейшых, былі злымі, сквапнымі, пыхлівымі, пажадлівымі, недавольнымі. Прабач нам усякі грэх наш і па Слову Твайму ачысці ад усякай непраўды. Дзякуем Табе, што Ты адпускаеш і прабачаеш. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які чуе малітву і шмат даруе.

Паглядзі на нашыя бедствы і заступіся за нас, і выратуй нас хутчэй дзеля Імя Твайго, бо магутны Збаўца Ты. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Збаўца наш.

Затрубі рогам вялікім на свабоду нашу, падымі сцяг, каб сабраць выгнаннікаў, збяры нас разам з чатырох краёў зямлі. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які збірае вандроўнікаў народу Свайго.

Вярні нам справядлівых суддзяў нашых па-ранейшаму, адхілі ад нас смутак і стогн, і валадаруй над намі Ты адзін міласціва і судзі нас справядліва. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які любіць літасць і правасуддзе.

А нагаворшчыкам хай не будзе надзеі, і ўсякае зло хай згіне імгненна, і ўсе ворагі народу Твайго хай будуць хутка зруйнаваныя, а зламысных выкарані і знішчы, і скінь, і зміры ў найбліжэйшы час. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які крышыць ворагаў і прыніжае зламысных.

Хай узбудзіцца міласэрнасць Твая, Госпадзе Божа наш, да праведнікаў, сумленнікаў, старэйшых народу Твайго, да пазасталых пісьменнікаў, праведных вучняў і да ўсіх нас. Аддай добрай узнагародай усім тым, хто цалкам на Цябе надзею ўскладае, а нам дай долю з імі назаўсёды, і хай не пасаромяцца тыя, хто на Цябе спадзяюцца.

Дай супакой, дабро, блаславенне, прыязнасць, ласку і спачуванне нам і ўсяму народу. Блаславі нас, Ойча Наш, Святлом Ліка Твайго, бо гэтым Святлом даў Ты нам, Госпадзе Божа Наш, Закон жыцця, любоў да дабрачыннасці, справядлівасць, ласку, жыццё і супакой. Хай будзе заўгодна Табе блаславіць народ заўсёды і ва ўсякі час супакоем.

Спамяні, Госпадзе, па мноству Ласкі Тваёй, і мяне (імярэк), і адпусьці мне, Госпадзе, ўсякае саграшэнне маё, умыснае і ненаўмыснае. Ачысьці, Госпадзе, ачысці мяне ад усякай скверны плоці і духу. Памяні, Госпадзі, бацьку майго, і маці, і братоў, і сёстраў і ўсіх родзічаў. І дай мне, Госпадзе, да апошняга ўздыху перад Табою стаяці, і атрымаць адпушчэння грахоў. І ў страшны апошні дзень, перад пасадам Тваім, праваруч Тябе стаць спадобі.

Памяні, Госпадзі, кожнага, хто калі-небудзь мне дабро сатварыў, або добрае слова сказаў, або памысліў. Хай ніхто з іх не згубіць узнагароды сваёй, але кожны атрымае па Словау Твайму.

Выратуй, Госпадзе, і памілуй тых, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і варагуюць супраць мяне, і што ствараюць мне агіду, і бэсцяць і абгаворваюць мяне. Ачысьці іх міласэрнасцю Сваёю, і пакрый іх дабрынёй Сваёю, на пакаянне.

Памілуй, Госпадзе, і выратуй па міласэрнасці Сваёй і мяне, грэшнага, пакуль яшчэ, па Твайму ўпадабаньню, у гэтым сьвеце жыву. Прабач мне ўсе грахі мае, і выратуй мяне на ўсякім месцы: або ў шляху, або ў працы, дзе б ні знаходзіўся, пазбаўляючы мяне ад гвалту варожага і ад спакусаў, і ад стрэл грахоўных, і захавай мяне ад усялякай варожасці, ва ўсякі час, у начы і ў дні, ад марнай смерці і бед, і смутку, немачы і хваробаў. І жыццё ў супакою, і пакаяньня час, і зыход мірны дай жа мне з Ласкі Тваёй.

Хай будзе воля Твая, Госпадзе, Божа Наш, падараваць кожнаму ўсё яму неабходнае, і кожнай істоце тое, што ёй не хапае. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, уважлівы да малітвы.

Слава Госпаду Богу Ўсявышняму сёння, заўсёды і на вякі вякоў. Амінь.