Бог адрокся ад Беларусі?

Ці адрокся Бог Беларусі?

(“Мы - рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме“. (Кніга Ездры, 9:9)

Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас; яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.” (Евангелле Яна, 14:18-19)

Я аднойчы слухаў малітву аднаго брата ў Хрысце. Ён – наш суайчыннік. Беларус. Ён быў у роспачы, бо прасіў Госпада: “Божа, часам мне здаецца, што Ты пакінуў мяне, нас, пакінуў нашу Беларусь! Прашу Цябе, умацуй маю веру!” Сёняшняя мая казань ёсць у нейкім сэнсе спробай даць адказ гэтаму чалавеку. Ці лепш сказаць, я паспрабую паказаць яму выйсце з ягонай цяжкай сітуацыі. І ў такой сітуацыі, як ведаем, сёння тысячы і тысячы нашых людзей… Самае важнае ў лячэнні што? – Правільна: “Дыягназ.” Дык вось, Ездра ў сваёй малітве да Госпада таксама ставіць дыягназ хваробе юдэяў: “Мы – рабы.” І, калі мы ўважліва прачытаем прапанаваны адрэзак Божага Слова (Ездры, 9…), то там знойдзем адказ на тое, чаму юдэі апынуліся ў рабстве ў людзей, у рабстве ў д’ябла:

Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў, 2. бо ўзялі дачок іхніх за сябе і за сыноў сваіх і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю.…” (Эздры, 9:1-2)

Канешне, няпроста параўноўваць тую сітуацыю ў юдэяў з сучасным станам рэчаў у Беларусі. Але, вельмі часта мы, беларусы, таксама неразборлівыя ў такіх лёсавызначальных дзеях для нашага жыцця, для будучыні нашага народа, як узяцце шлюбу… І як мы вельмі часта робім? – А мы ўсё робім дзеля таго, каб толькі не звязваць сваё асабістае жыццё са сваімі суайчыннікамі, з беларусам ці з беларускаю… Такі ведаеце, самападман апаноўвае нас – маўляў, “суседскія яблыкі болей годныя”… І, мы звязваем свае жыцці з іншапляменцамі. А затым, канешне, мы кідаемся перабляць іх… Але, як правіла, яны не хочуць перарабляцца ў беларусаў! Асабліва, калі жывуць разам з такімі беларусамі, якія сваё паганьбілі ды аддалі перавагу чужому... Ды і, нарэшце, хто мы такія, каб змяніць жыццё іншага чалавека? Гэта ж выключна Божая справа, якая па сілах толькі Збавіцелю людзей Хрысту ды Ягонаму Духу Святому!... І мы ў пераважнай большасці, нягледзячы на ўсе нашыя чалавечыя высілкі, гэтак і застаемся рабамі…

Можна тут смела дадаць:

“Так. Мы ўсе - юдэі, эліны, беларусы.. – рабы, рабы сваіх пажаданняў, сваіх жарсцяў, рабы д’ябла, г.зн., мы – грэшнікі!” Я мяркую, што ніхто не будзе аспрэчваць тую праўду пра нас, беларусаў, што

У сёняшняй сітуацыі мы, беларусы – рабы, мы - грэшнікі!

Прычым, мы зусім ня ёсць у пераважнай большасці сваёй рабамі Госпада. Не. Мы – рабы людзей. Але. Няхай і вельмі маленькая, але частка нас ёсць усё ж рабамі Госпада. Гэта значыць, дзецьмі Хрыстовымі. І яшчэ меншая частачка нас ёсць “сябрамі” Госпада, “сябрамі” Ісуса Хрыста. Гэта значыць, тымі дзецьмі Ягонымі, якія маюць асаблівыя, блізкія адносіны зь Ім. Мне здаецца, што менавіта вось дзеля гэтага невялікага, мізэрнага зусім гурта і зрабіў Госпад Свой чарговы цуд:

Не пакінуў нас, беларусаў, Бог наш праз Ісуса Хрыста ды Духа Святога!

Глядзіце, дзеля вось гэтых некалькіх тысячаў (“а можа, і значна меней?” – мк) “рэшты” Сваіх людзей з беларусаў у складзе Божага народа, Царквы Хрыстовай, Ісус Хрыстос пачаў ды працягвае збудаванне Царквы Хрыстовай Беларускай! На беларускай мове збудаваныя ўжо не адна мясцовая Царква. Гэта і цэрквы рыма-каталіцкай канфесіі, уніяцкія цэрквы, трошкі евангельскіх грамадаў, трошкі праваслаўных.. Дык, ці адрокся Бог Беларусі? Канешне, не! Памятайма: 20. Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною. 21. Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным.” (Адкр. 3:20-21)

Дык што рабіць беларусу? –

Далучацца да Царквы Хрыстовай, пакаяцца ў сваіх правінах ды ўскладаць свой давер ды надзею ў гэтай вялікай, гэтай Божай справе толькі на Ісуса Хрыста! Так? Амін!

21 мая 2016 г. Мікалай Кійка