Хто адрачэцца ад Мяне...

Хто адрачэцца Мяне..

Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах; 33. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах. (Евангелле Мацвея10:32-33)

Апошнім часам адбылася адна падзея, якая дала штуршок для болей глыбокага разважання над словамі Ісуса Хрыста, якія запісаў у сваім Евангеллі Мацвей, - 11 верасня 2016 года адбылося воднае хрышчэнне новага верніка. Cястра ў Хрысце, Валянціна Яржэмкоўская, заключыла запавет з Госпадам праз воднае хрышчэнне ў водах нашага беларускага “Ярдана” – рацэ Бярэзіне…

…Ня ўсе, але шмат хто з людзей усё ж імкнуцца дагадзіць Богу. Гэта адбываецца самымі разнастайнымі шляхамі. Але Бог у Сваім Слове, у Бібліі, адкрывае нам толькі адзіны шлях, які вядзе нас, людзей, да Яго, у Валадарства Нябеснае. І гэты шлях – праз веру ў Сына Яго, Ісуса Хрыста. Што значыць верыць у Ісуса Хрыста як свайго Збаўцу ды Гаспадара свайго жыцця? Адказ на гэтае пытанне можа быць вельмі шырокім. Але сёння мы затрымаем нашую ўвагу толькі на адным з выключна важных аспектаў веры. І гэта ёсць вызнанне нашай веры. Такім чынам,

Вера ў Ісуса Хрыста як свайго Збаўцу ды Госпада не можа быць без вызнання гэтай веры перад людзьмі!

Калі няма вызнання веры перад людзьмі, то няма і веры! А калі яна і ёсць, то ў такім выпадку яна ж надта слабенькая, або па-просту, інтэлектуальная. Гэта значыць, вера “ведання”, а не жывая, ці змяняючая наша жыццё вера. Можна нават сцвярджаць, што ўзнікае пытанне наконт чалавека, які пазыцыянуе сябе хрысціянінам, але не вызнае сваёй веры перад людзьмі. Мяркую, што тут для больш яснага ўсведамлення выключнай важнасці вызнання веры перад людзьмі можа мець аналогія нашых, вернікаў, адносін з Ісусам Хрыстом, са шлюбам паміж мужам ды жонкай. Гэтую аналогію выкарыстоўвае апостал Павел у сваім лісце да вернікаў у Эфесе:

Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,…” (Эфес., 5:22-25)

Мы ў сваіх гутарках з вамі ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі гэтую аналогію раней, будзем выкарыстоўваць яе і сёння, і надалей. Дык вось жа, наш шлюб з Ісусам Хрыстом не можа быць сапраўды дзейсным шлюбам без заўсёднага вызнання гэтых нашых адносін з Госпадам перад людзьмі! І гэтае вызнанне нашай веры перад людзьмі пачынаецца ўжо з моманту нашага далучэння да Царквы Хрыстовай праз воднае хрышчэнне. Якое можна вобразна параўнаць з рэгістрацыяй зямнога шлюбу паміж мужам ды жонкай. Толькі ў выпадку нашых адносін з Хрыстом мужам ёсць Ён, наш Збаўца ды Госпад, а жонкай ёсць мы, ты, я, усе мы, дзеці Хрыстовыя, якія і складаюць у сваёй супольнасці Цела Хрыстовае, - Царкву Хрыстовую.

Дык вось жа –

Нашае вызнанне веры ў Ісуса Хрыста перад людзьмі не можа быць толькі разавым дзеяннем нашым, нейкім разавым парывам эмоцый ці разавай акцыяй!

Гэта мусіць быць толькі пачаткам нашага заўсёднага стану, нашым жыццём. Ці па-іншаму, “новым жыццём у Хрысце”, як вельмі добра выказаў гэтую думку вядомы хрысціянскі аўтар Юры Рапецкі.

Некаторыя вернікі, то бок, “жонкі Ісуса Хрыста”, вельмі пакутуюць з тае нагоды, што ім няма як вызнаваць сваю веру ў Ісуса Хрыста: то евангелізацыі не дазваляюць, то для ўдзелу ў евангелізацыях няма магчымасці браць удзел з-за занятасці на працы ці дома, то браты з сёстрамі “слова не даюць” на служэннях, то… Ведаеце, я б хацеў супакоіць усіх “пакрыўджаных” маіх братоў ды сясцёр у Хрысце! Бо ў нас, у кожнага з нас, столькі магчымасцяў для вызнання сваёй веры перад людзьмі, што я не магу і дня не ўспомніць, калі б такой нагоды ў нас не было!!

Калb ласка. Першы з прыкладаў. Усе ведаюць, як моцна прыхоплена нашае грамадства д’яблам праз алкаголь, наркотыкі, псіхатропы ды іншую гадасць. І цяжка назваць нават дзень (!), у які б нам не прапанавалі далучыцца да ўжывання самых разнастайных такіх сродкаў на працы, дома, ці ў іншых месцах.. І як мы паводзім сябе ў такіх выпадках? Ну, мы, вернікі, адмаўляемся, канешне. Але робім гэта ў пераважнай большасці гэта неяк так, ведаеце, “сарамліва”, надта ж “сціпла”. Калі нас запытваюць, чаму мы не п’ем, то ў нас за прычыну то “хвароба страўніка”, то “ціск падвышаны”, то яшчэ што… А які мусіць быць адказ верніка, адказ дзіцяці Хрыстовага? – “Я не раблю тое, што не ўхваляе Ісус Хрыстос! А я Яму давяраў і давяраю!” Ці вось яшчэ бяда сёняшняга дня – дарагія кошты на прадукты харчавання. І практычна ўсе працаўнікі прадпрыемстваў, якія вырабляюць ці прадаюць харчовую прадукцыю, маюць вялікія спакусы ў сваім жыцці. Бо, нават калі яны нічога і не “выносяць” за браму прадпрыемства, то на іх вельмі актыўна “ціснуць”, каб яны рабілі гэта з усімі разам, за кампанію! І як мы супрацьстаім гэтаму? – Вельмі часта адбіваемся, вылучаючы самыя розныя “аргументы”.. А які мусіць быць адказ верніка? – “Я не буду красці, бо гэта забараняе Госпад, гэта не ўхваляе Ісус Хрыстос!” І ведаеце, калі мы адважна і цвёрда вызнаём такім чынам нашую веру ў Хрыста, то стрэлы д’яблавыя адскокваюць ад нас, яны адскокваюць ад нашага “шчыта веры”! І наадварот, калі мы хістаемся, то войска дэманскае “насядае” на нас з падвойнай , а то і з патройнай энергіяй. І дзейнічае гэтае войска ворага душ чалавечых праз бязбожных людзей, ці як недзе называе іх апостал Павел, праз “сыноў супраціву” (“сыны протівленія” у рускім перакладзе” – мк).

Кожнае дзіця Божае, дзіця Хрыстовае, ведае, як не проста вызнаваць сваю веру ў Ісуса Хрыста перад людзьмі. Мы ўсе назіралі гэта з вамі ў іншых братоў ды сёстраў. Мы назіралі , ці адчувалі гэтыя цяжкасці і ў сабе. І часам, назіраючы за іншымі, мы недзе ў сваім сэрцы “крытыкавалі” іх за “няправільныя метады” перадачы Евангелля іншым людзям. Але як толькі мы самі спрабавалі зрабіць тое самае, г.зн., вызнаць сваю веру ў Ісуса Хрыста перад іншымі людзьмі, то мы вельмі хутка пачыналі разумець, як гэта няпроста ды як гэта складана! Я неяк вельмі рана, у нядзельны дзень, ехаў на сустрэчу з братам Алесем Фірысюком. Тралейбус перапоўнены, прысесці няма недзе, - усе месцы занятыя. А ехаць доўга, хвілін трыццаць. Стаю… І тут, у такі ранні час, у нядзелю (!), у тралейбус заходзяць кантралёры… І адразу палова салона транспарту – пустая! Я і кажу кантралёрам: “Як добра, што вы зайшлі, я заплаціў за праезд, але без вашага візіту не меў магчымасці нават прысесці з-за гэтых нахабных “зайцоў”! А што я забыў сказаць тут? – Усяго толькі два словы напачатку – “Дзякуй Хрысту!” У чым прычына гэтых нашых цяжкасцяў з вызнаннем веры? –

Галоўная прычына цяжкасцяў з вызнаннем сваёй веры ў Хрыста перад людзьмі – гэта страх перад цёмнымі сіламі, перад сіламі дэманскімі.

На паверхні гэтыя сілы дэманскія дзейнічаюць, як мы ўжо адзначылі вышэй, праз людзей, г.зн., праз “сыноў “супраціву”, ці “непакорнасці” Госпаду” (Эф.5:6; Кал.3:6)!

Так. Часта гэты страх наш выражаецца ў нашай сарамлівасці перад грамадой, перад калегамі на працы, перад сваімі сваякамі.., а часам і ў нашай залішняй “шумнасці”, крыклікавасці.. Вельмі часта мы баімся быць пасмешышчам. Але часам д’ябал перашкаджае нам і адкрыта – мы атрымліваем пагрозы ад людзей.. Мы не толькі атрымліваем пагрозы, але церпім ганенні за веру.. Але наш Госпад Ісус не пакідае нас без абароны. Ён нагадвае нам, што Ён – Гаспадар усяго:

28. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене” (Мац. 10:28)

Тут Госпад Ісус адкрывае нам вялікую праўду, вялікую таямніцу доступу да Ягоных скарбаў у вечнасці:

Будзьце адважнымі, нікога не бойцеся, акрамя Бога Аднаго! Нікога не бойцеся, акрамя Мяне!”

Гэта значыць, што мы найперш павінны шукаць волі Божай ды выконваць яе! Канешне, пры вызнанні сваёй веры ў Ісуса мы павінны быць мудрымі, мець мудрасць Божую. І мудрасць павінны мець, і “шчырасць” павінны мець! У гэтым жа раздзеле Евангелля Мацьвей прыводзіць такія цудоўныя парады Ісуса Хрыста вучням, якіх Ён накіроўвае на служэнне:

Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы…Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць; бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.” (Мац. 10:16, 19-20)

Па сутнасці, мы мусім быць чуйнымі ды паслухмянымі Духу Святому! Мне здаецца, што ключ да такой далікатнай справы, як “вызнанне веры перад людзьмі”, Госпад паўтарыў нам праз апостала Пётру:

Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;” (1 Пёт. 3:15)

Зноў жа хацеў бы адзначыць глыбіню гэтага “сакрэту”, гэтай “таямніцы” Госпада, агучаную Ім яшчэ раз для нас праз апостала Пётру. Справа ў тым, што “мудра і шчыра”, як нас заклікае Госпад, ды адважна мы можам сведчыць пра сваю веру ў Хрыста ды надзею толькі на Хрыста толькі ў тым выпадку, калі на нас “зыходзіць Дух Святы”, калі мы маем “шлюб” з Хрыстом, знаходзімся з Ім у запавеце не толькі з-за таго, што “баімся” Ягонай немінучай расплаты за наша грахоўнае жыццё без пакаяння (“хоць гэта – чыстая праўда!” –мк.). Але. Але яшчэ і таму мы знаходзімся ў “шлюбе” з Хрыстом, бо мы даверылі Яму сваё жыццё, бо “палюбілі Яго ўсім сваім сэрцам, усім сваім разуменнем, усёю душою сваёю ды ўсёю моцаю сваёю”, бо палюбілі ўслед за Хрыстом “блізкага свайго як самога сябе”!

А я, а ты, мы - гатовыя “адказаць кожнаму лагодна і дабралюбна”, адказаць “з ціхасцю і са страхам”, адказаць з адвагаю ды любоўю, як “самому сабе” – “ А я давяраю Ісусу Хрысту!”? Так?

Тады і нас Ісус Хрыстос “вызнае перад Айцом Сваім Нябесным!” Тады і мы, як і многія нашыя папярэднікі і наступнікі, пачуем поўныя любові да нас словы нашага Збавіцеля і Госпада Ісуса Хрыста:

Добра, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго». (Мац. 25:21)

Тады засведчыць Ісус Хрыстос Тату Свайму Нябеснаму:

Гэты не пабаяўся прызнаць Мяне перад людзьмі, гэтая не адраклася ад Мяне перад людзьмі, гэтыя з Царквы Хрыстовай у Беларусі прызналі і не адракліся Мяне перад людзьмі, нягледзячы на ўсе перашкоды. Яны нашыя, Тата Нябесны!”

Амін.

14-16 верасня 2016 года, Мікалай Кійка