Ведаць свае паходжанне

Працягваем гутарку на тэму “Што прасіць у Бога для Беларусі?” У адной з апошніх казаняў наконт праблемы вызнання нашай веры ў Ісуса Хрыста перад людзьмі была звернута ўвага на адну вельмі сур’ёзную, калі не галоўную прычыну, нашых няўдалых крокаў у хрысціянскім жыцці:

Чалавек, які не баіцца пакарання Божага за грахоўнае жыццё, ужо асудзіў сябе такім жыццём на вечнае існаванне ў пакутах без Бога і “ў такога чалавека ягоныя грахі “адабралі” памяць і ён зараз не можа сам, самастойна, без Хрыста, знайсці дарогу назад, да Бога, у жыццё вечнае з Ім!”

Мне здаецца, што мы ў сваім вяртанні да Бога недаацэньваем важнасць такога чынніка, як вяртанне нашай памяці наконт таго, хто ж ёсць нашымі бацькамі. Па-просту кажучы, мы не зможам вярнуць “памяць” наконт нашага “першапачатковага”, нашага сапраўднага паходжання без высвятлення пытання аб нашым Бацьку! Глядзіце, калі б не прыйшоў Госпад у целе Чалавека, г.зн., у Ісусе Хрысце, то мы б так і не дазналіся, Хто ж нас, людзей, род чалавечы, стварыў.

Пераважная большасць насельнікаў планеты зямля дазналіся пра свайго Бацьку Нябеснага, пра Тату Нябеснага, Які праз Ісуса Хрыста стварыў нас, людзей, менавіта толькі дзякуючы Хрысту ды Ягонаму Евангеллю.

Канешне, у новы, пасляпатопны час, нейкая частка людзей на зямлі ведалі пра сваё паходжанне ад Бога – Таты Нябеснага і да Прыйсця Ісуса Хрыста ў Чалавеку. Як нам адкрыта Госпадам праз Божае Слова, праз Біблію, гэта зноў жа некаторая частка насельніцтва Юдэі ды Ізраіля. І гэтая частка, гэты гурт, гэтая “рэшта” (“ліст ап. Паўла да Рымлянаў, 9:27; 11:26” – мк.) названыя ў Слове “Божым народам”. Што да таго, ці ведала пра сваё нябеснае паходжанне ды ці ратавалася ўпаўшае ў грэх чалавецтва ў дапатопны час, то некаторыя звесткі пра гэта змешчаныя ў першай кнізе Майсеевай “Быццё”. І Госпад адкрывае нам праз сваё Слова наступную праўду - так, нейкая частка роду людзкога і ведала, і ратавалася Госпадам!

Але ўплыў Госпада на грэшнае чалавецтва ўзрос шматкроць пасля Прыйсця Хрыста ў плоці на зямлю ды Ягонага ўваскрасення і Узнясення на Нябёсы да Таты Нябеснага! Бо Хрыстом праз Духа Святога была створаная Ягоная Царква. То бок, праз Царкву Госпад пашырыў Сваё Валадарства практычна на ўвесь арэал існавання чалавецтва. Гэта значыць, у склад “Божага народа” ўвайшлі прадстаўнікі бадай што ўсіх народаў зямлі, да якіх дайшло адкрыццё Божае пра сапраўднае паходжанне роду людзкога.

Таму д’ябал і ягонае войска самыя тытанічныя намаганні прыкладаюць, каб заблытаць нас, людзей, род чалавечы, наконт нашага сапраўднага паходжання. Што толькі не прыдумляюць розныя “вучоныя”, “эксперты”, “спецыялісты”, і г.д., дзеля таго, каб мы ніколі не знайшлі вось гэты “вузкі” шлях, адзіны шлях вяртання да нашага Таты Нябеснага праз Ягонага Сына, праз своеасаблівага Правадніка ў Нябёсы – Ісуса Хрыста! Мы неяк нават параўналі вось гэтыя масіраваныя дзеянні дэманскіх сілаў па ачмурэнню людзей з дзеяннем некаторых генна-мадыфікаваных прадуктаў (ГМО) на памяць, да прыкладу, пчолаў. Паводле некаторых даследчыкаў “пчолы пад уплывам пылку з генна-мадыфікаваных раслін забываюць шлях дадому, у свае вуллі, ды гінуць” (“згодна Брыт Амос для «Global Research» - мк ). Вобразна кажучы, тое самае робіць з намі, людзьмі, і д’ябал, адрываючы нас ад Хрыста ды скіроўваючы на падманны шлях, шлях граху, шлях смерці!... Калі коратка, то

Вораг Бога ды роду чалавечага свой галоўны ўдар наносіць менавіта пераконваючы нас, людзей у тым, што першапачатковае наша паходжанне зусім не ад Бога…

Але. Але Божае Слова адкрывае нам вялікую праўду пра тое, што мы, чалавекі, “створаныя былі першапачаткова паводле вобразу ды падабенства Божага”. Ведаеце, я неяк зусім нядаўна звярнуў сваю ўвагу на тую акалічнасць, што Слова Божае, Біблія, праз увесь свой аповяд звяртае нашую пільную ўвагу на пытанні паходжання нас, людзей! Пра тое, хто нас стварыў, нам кажуць ужо на пачатку Слова. І не проста інфармуюць пра нашае нябеснае паходжанне, але і паказваюць шлях вяртання да Таты Нябеснага. Вось запытанне ўсім, хто зараз чытае гэты тэкст, ці ведаем мы, хто з сыноў Адама ды Евы ёсць нашым продкам па крыві, продкам па бацьку ўсяго чалавецтва, і ўратаваных Госпадам, і не ўратаваных? Адказ – Сіф:

25. І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін. 26. У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.” (Быц. 4:25-26)

Як бачым з Божага Слова, з моманту нараджэння сына Сіфа Яноса на зямлі пачаўся новы, якасна новы перыяд жыцця людзей, нашых продкаў з дапатопнага часу – “тады пачалі заклікаць імя Госпада”! Ну, а пасля мы памятаем зноў перыяд духоўнага пахаладання сярод чалавекаў, калі мы, род чалавечы, зноў упалі так нізка, што Госпад змушаны быў захаваць толькі “рэшту”, толькі “элітнае” насенне – Ноя ды ягоную сям’ю!

Узнікае пытанне, праўда, наконт таго, чаму ж нягледзячы на бацькоўства Сіфа такое мноства людзей так і не навярнулася да Госпада і ў час дапатопны, і ў час пасляпатопны… Мяркую, што адна з прычынаў у тым, што род чалавечы вельмі моцна мяшаўся пры размнажэнні таксама і з насеннем, з нашчадкамі забойцы Каіна…

…З Бібліі мы бачым, што і пасля вялікую ўвагу аўтары тэкстаў надаюць адкрыццю паходжання як Самога Госпада Ісуса, гэтак і “герояў” веры, іншых служыцеляў Божых. Паходжанне Ісуса Хрыста вельмі падрабязна разглядае як апостал Мацвей, гэта і евангеліст Лука. ..

Ведаеце, не хачу нікога пакрыўдзіць, але мяркую, што вось прасоўванне ў нас, у Беларусі такой дактрыны, што, “маўляў, продкі сучасных беларусаў ніколі не мелі такой “традыцыі, як называць таксама і сваё імя па бацьку”, не падмацавана ніякімі цвёрдымі доказамі з гістарычных крыніц! Возьмем, да прыкладу, аднаго з класікаў сучаснай беларускай літаратуры Якуба Коласа (“сапр. - Міцкевіч Канстанцін Міхалаў” – мк). Канешне, з пункту гледжання даўніны то гэта быццам і не так ужо даўно. Але як-ніяк, сваю трылогію “На ростанях” Колас пачаў пісаць амаль што стагоддзе таму. Класік пералічвае ўдзельнікаў настаўніцкага зьезду ды іншых змагароў з расійскім царызмам з указаннем іх прозвішчаў, імёнаў і імёнаў па-бацьку:

“…3. Што ж датычыць Лявоніка Уладзімера Сальвесева, Лабановіча Андрэя Пятрова і Тургая Сымона Якубава,…” (Якуб Колас, На Ростанях, Трылогія, “Мастацкая літаратура”, 2006, стар. 610).

Шмат хто будзе аспрэчваць правамоцнасць спасылкі на гэтае месца з трылогіі Якуба Коласа з-за таго, што апошні проста цытаваў адзін з дакументаў судовай сістэмы Расійскай імперыі. Так. Але тут Колас дае імёны па-бацьку ў беларускай народнай традыцыі. Добра. Пачынаем шукаць у больш ранніх крыніцах… Я адгортваю беларускія выданні ажно 16 стагоддзя, г.зн., выданні эпохі Вялікага Княства і.. Я знаходжу там абсалютна спакойнае ўжыванне і прозвішчаў, і імёнаў, і імёнаў па-бацьку ў юрыдычных дакументах, у актах.. Я чытаю:

Судовы Дэкрэт Караля Польшчы Вялікага Князя Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта Першага і Паноў-Рады ВКЛ аб замацаванні за жонкаю Ф.Скарыны ўсёй яе спадчыннай маёмасці, студзень 1529, Вільня… Пры том былі панове рада, князь Ян, біскуп Віленскі, князь Мікалай, біскуп Кіеўскі, ваявода троцкі, гетман наш, стараста браслаўскі і веніцкі, князь Кансцянцін Іванавіч Астрозскі, пан віленскі, стараста гарадзенскі, маршалак дворны, пан Юры Мікалаевіч Радзівілавіча ды іншыя панове рады Вялікага князства Літоўскага. Копаць пісар.” (стар. 568, “Энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына і яго час”, Мінск, выдавецтва БелСЭ імя П.Броўкі, 1988).

Нехта можа запярэчыць, што гэта, маўляў, чыста руская ці праваслаўная зьява. Бо, як заўважаем, у тэксце працытаванага Судовага Дэкрэта ВКЛ не ўсе прадстаўнікі Паноў-Рады ВКЛ указваюць сваё імя па бацьку. Але што мы скажам з вамі наконт прыкладу ўжывання імя па-бацьку не пяцьсот, а дзве тысячы гадоў таму? Вось прыклад з Евангелля паводле Яна:

17. Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне?” (Яна, 21:17) Хто гэтак звяртаецца да апостала Пётры? – Ісус! Ісус Хрыстос! Па-просту, Ён кажа: “Сымоне Ёнаў, ці “Сымоне Янаў!” Я мяркую, што тут ужо ніякага “рускага следу” немагчыма знайсці. Бо гэта адбывалася ў Палестыне. Болей 2000 гадоў таму…

Я б не закранаў гэтае пытанне з імем па-бацьку, калі б не адзін выпадак з нашым суайчыннікам нядаўна. “Беларус” (“а не беларуска!” – мк) дамогся праз суд, каб яму ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не запісвалі імя па-бацьку!! Як кажуць, калі так справа пойдзе і далей, то, пэўна, што мы збудуем не Бацькаўшчыну, а бязбацькаўшчыну. І самае прыкрае, што пан, які дамогся праз суд скасавання ў ягоным пашпарце запісу імя па-бацьку не мае рацыі! Бо ў дакументах такога кшталту імя па-бацьку запісвалася і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Да прыкладу, беларускі гісторык Алесь Пашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку спакойна адсылае ўсіх “бязбацькавічаў” да працы Наталлі Сліж «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стст.» (стар. 538, арыгінальны дакумент на старабеларускай мове 1566 г.):

«Перед нами судьями постановившысе очивисто панъ Грыгореи Юръевичъ Остикъ доброволне и явне перед нами созналъ и оповедилъ онъ восполокъ с п(а)нею Ядвигою Юрьевною Носиловскои бывшею малъжонъкою…»

Дык вось жа,

Будзьма прасіць у Госпада для нашых суайчыннікаў “Духа Святога”, каб Ён, Дух Хрыстовы, вяртаў ім памяць як наконт свайго зямнога паходжання, гэтак і наконт свайго паходжання ў вечнасці, ад Таты Нябеснага, Ісуса Хрыста ды Духа Святога! Амін.

24 верасня 2016 года. Кійка Мікалай Ладымераў.